Версия для печати
Суббота, 20 февраля 2016 04:55

21 лютага - Дзень роднай мовы Избранное

Автор
Оцените материал
(0 голосов)

родная мова

Штогод 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.

Свята гэта, абвешчанае 17 лістапада 1999 года на 30-й сесіі ЮНЕСКА, накіравана на заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі і спрыяе ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу. Зараз у свеце налічваецца каля 6 тысяч моў, і, па прагнозах спецыялістаў, недзе 40 % з іх у бліжэйшы час могуць знікнуць. Таму невыпадкова, што гучыць заклік зберагчы кожную мову як увасабленне ўнікальнага светабачання, як жывую і найкаштоўнейшую спадчыну народаў. «Родная мова, – як зазначыў у 2009 годзе генеральны дырэктар ЮНЕСКА Каіхіра Мацуура, – неацэнна для кожнага з нас. На роднай мове мы гаворым нашы першыя словы і найлепш выказваем свае думкі. Гэта тая аснова, на якой усе людзі будуюць сваю асобу з моманту свайго першага ўздыху, і яна тое, што арыентуе нас на працягу ўсяго жыцця. Яна з’яўляецца спосабам, з дапамогай якога можна навучыць паважаць сябе, сваю гісторыю, сваю культуру і галоўнае – іншых людзей з усімі іх асаблівасцямі».

Для большасці жыхароў Рэспублікі Беларусь роднай з’яўляецца беларуская мова.

Беларуская мова адносіцца да ўсходнеславянскай падгрупы індаеўрапейскай моўнай сям’і. Яна, безумоўна, мае шмат агульных граматычных і лексічных рыс з рускай і ўкраінскай мовамі. Аднак і спецыфічных адметнасцей багата ў нашай роднай мове. Гэта дзеканне і цеканне, аканне і яканне, зацвярдзелыя зычныя і суседняя мяккасць, у нескладовае і апостраф. А колькі самабытных беларускіх слоў! Вось такіх, напрыклад, як у радках Кастуся Цвіркі:

Абрус – абцас – азярод – арэлі…
Вясёлка – вырай – вярба – ваўчкі…
Як міла пазвоньваюць, сэрца грэючы,
Чыстых бацькаўскіх слоў ланцужкі!
Зямлі маёй перлы, дзе ix адшукалі?
Спытай у магіл:
Удзень i ўначы
Іх, з бурамі дужаючыся, здабывалі
Людзі простыя – крывічы.
Каб ярка свяцілася перлінка-слова,
Каб людзям зіхцела – на ўсе бакі,
Яго шліфавалі як след, адмыслова
Найлепшыя ў свеце тачылы – вякі.
Ды лезлі чужынцы – мой край
прысвойваць –
I ўсюды (бо трос душы чорныя страх)
Знішчалі агнём беларускае слова,
Палячы геніяў на кастрах.
Але ўратаваў люд мой слова ад згубы
І, гонячы катаў ад родных бяроз,
Праз далеч стагоддзяў сівых –
З губ у губы –
Да нас, незамутненае, данёс.
Як скарб дарагі,
Перададзены ў спадчыну,
У сэрцы хавае народ мой ад здрад
Праменнае звонкае слова матчына
Для песень сонечных i балад!

Дык давайце ж будзем размаўляць па-беларуску! І не толькі 21 лютага, а заўжды!
                                                                    (па матэрыялах інтэрнет-сайтаў)
Прочитано 426 раз Последнее изменение Воскресенье, 21 февраля 2016 07:58
Admin

Последнее от Admin